Главная / Шчучыншчына

Ближайшая сборная экскурсия:

Название Дата Цена на 1 чел, BYN Мест свободно Тип транспорта Мест всего ACTION
Шчучыншчына16.01., 13.03., 10.04., 08.05., 12.06., 17.07., 14.08., 11.09., 09.10., 13.11., 11.12. - 8040АвтобусЗабронировать

Шчучыншчына

Шчучыншчына

Падарожнік, які праязджае па рэканструяванай і незвычайна папрыгажэўшай Гродзенскай шашы М6, часцяком і не падазравае, якія сюрпрызы зберагла для яго дарога! Але варта толькі звярнуць з шашы дзе-небуць каля аграгарадка Мажэйкава — і ўсяго праз некалькі хвілін, сярод сціплага сельскага пейзажу, на вачах вырастаюць адзін за адным цудоўныя помнікі архітэктуры Беларусі. Гэта і знакамітая царква-крэпасць ў Мураванцы (катэгорыі «0»!), вядомая цяпер як царква Раства Багародзіцы. А ад Мураванкі дарогі правядуць нас праз старадаўнія паселішчы, напоўненыя сапраўднымі гістарычнымі скарбамі, назвы якіх гучаць як песня… Адным словам — Шчучыншчына!

Маршрут экскурсіі

Даты правядзення зборных экскурсій ў 2021 г.

16.01., 13.03., 10.04., 08.05., 12.06., 17.07., 14.08., 11.09., 09.10., 13.11., 11.12.

Таксама правядзём экскурсію для арганізаванай групы ў любы дзень па папярэдняй замове.

Час і места адпраўлення

8:00, Мінск, пр. Незалежнасці 31-А, дом-музей РСДРП (пл. Перамогі)

Царква ў Мураванцы (1516 г.), амаль квадратная ў пла­не, пакрытая высокім чарапічным дахам, завершана паўкруглым алтаром. Па кутах яе падымаюцца чатыры цыліндрычныя абарончыя вежы, усярэдзіне якіх перш размяшчаліся вітыя лесвіцы. Яны выводзілі да памяшкання пад дахам, дзе знаходзілася баявая галерэя. Інтэр’ер зачароўвае вытанчанай прыгажосцю сваіх скляпенняў. Знарочыста-нервовы малюнак рэбраў-нервюр, якія па волі дойліда то ператвараюцца ў вельмі складаныя прасторавыя фігуры, то збіраюцца ў пучкі да чатырох унутраным слупоў — лепшы доказ вольнага валодання мясцовымі майстрамі будаўнічымі прыёмамі з арсенала гатычнага мастацтва.

Мураванка

Траецкі касцёл (1785 г.) у Ішчалне хоць і з’яўляецца па часе збудавання помнікам позняга барока, але вонкава гэта выяўлена ў ім вельмі стрымана нават на галоўным фасадзе, не кажучы ўжо пра аскетычнасць бакавых. Усе, аднак, змяняецца, ледзь пераступіш парог хра­ма: экспрэсіўная пластыка ракако прымушае літаральна трапятаць алтары, амбон ды, мабыць, і гледача гэтага раскошнага ўзорачча, у якім ювелір­ная апрацоўка дэталяў спалучаецца са шматзначнымі метафарамі культавай семантыкі…

Ішчална

Гарадскі пасёлак Жалудок — радзіма Валерыя Ан­тонія Урублеўскага, віднага рэвалюцыйнага дзеяча, паплечніка Кастуся Каліноўскага. Доўгі час Жалудок належаў графам Тызенгаўзам. У падзямеллі тутэйшага касцёла, папярэдніка цяперашняй каталіцкай святыні, быў пахаваны самы вядомы прадстаўнік гэтай фаміліі — рэфарматар Рэчы Паспалітай Ан­тоні Тызенгаўз. Касцёл Ушэсця Дзевы Марыі (1854) у Жалудку створаны Каралем Падчашынскім, знакамітым віленскім архітэктарам і тэарэтыкам позняга класіцызму. У пачатку ХХ стагоддзя на ўскраіне Жалудка малады князь Людвік Святаполк-Чацвярцінскі заклаў сядзібу. Над яе праектам працаваў бліскучы варшаўскі архітэктар Уладзіслаў Марконі, які надаў сядзібнаму дому выгляд элегантнага палаца, у якім зліліся разам водгукі французскага класіцызму і эмацыйныя мелодыі барока дру­гой паловы ХVIII стагоддзя. Цяпер пустуючая сядзіба знаходзіцца ў асяроддзі магутных дрэў старажытнага пар­ку… Наведаем яе!

Жалудок

Ражанка сустракае нас касцёлам Св. Пятра і Паўла (1827 г.). Храм пабудавалі на сродкі сенатара Валадарства (Каралеўства) Польскага Людвіка Міхала Паца, а праз стагоддзе — перарабілі. Святыня ўзведзена з цэглы і бутавага каменя.

Ражанка

Шчучын вядомы з 1537 го­да як прыватнаўласніцкае мястэчка. У 1718 годзе тут быў заснаваны манастыр піяраў, пры якім праз восем гадоў адкрылі шко­лу, або калегію. Сёння аб знаходжанні піяраў у Шчучыне нагадвае пабудаваны ў стылі класіцызму касцёл Св. Тэрэзы. Разам з праваслаўнай царквой Св. Міхаіла касцёл утварае выразную сілуэтную групу гістарычнага цэнтра горада. У апошні час у Шчучыне, зноў-такі нібы «по щучьему веленью», цудоўным чынам змяніўся былы Дом афіцэраў, якому вярнулі яго ранейшае элегантнае аблічча палаца князёў Друцкіх-Любецкіх. Будынак у стылі неакласіцызму ўзвёў віленскі архітэктар Тадэвуш Раствароўскі, які прадставіў у сваім выкананні своеасаблівую рэмінісцэнцыю палаца Малы Трыанон, створанага ў 1768 годзе архітэктарам Анж-Жакам Габрыэлем у Версалі — рэзідэнцыі французскіх каралёў. Цяпер палац стаў Цэнтрам творчасці дзяцей і моладзі…

Шчучын

У пачатку ХХ стагоддзя ў Галавічполлі з’явілася сядзіба, прыстасаваная цяпер пад школу-інтэрнат. Экстравагантная Г-вобразная палацавая пабудова з вапняковых блокаў пастаўлена на высокі каменны цокаль. Старая грабавая алея вядзе ад палаца да пар­ку з саджалкай. Тут захаваліся гаспадарчыя будынкі сядзібы.

Галавічполле

Завяршаюць маршрут Старыя Васілішкі, і, патрапіўшы сюды, з вялізным здзіўленнем адкрываеш для сябе тутэйшую свя­ты­ню, яе гонар — Касцёл Св. Пятра і Паўла. Гэты цудоўны архітэктурны манумент — сапраўды гатычная скульп­ту­ра! Збудаваў яе ў 1903 годзе вядомы польскі архітэктар Канстанцін Вайцяхоўскі. Палымяная чырвоная цэгла змяняецца ў інтэр’еры светлай тынкоўкай, пакрытай арнаментальнымі роспісамі.

Пры ўваходзе ў касцёл ўстаноўлена мемарыяльная пліта з надпісам: «Чэслаў Немэн (Выджыцкі). Рад. 16.02.1939 г. у Ст. Васілішках, памёр 17.01.2004 г. у Вар­ша­ве. Вялікі артыст, знакаміты спявак, вакаліст пакаленняў, інструменталіст, кампазітар, якому Бог даў незвычайны музычны талент. 17 студзеня 2005 го­да. Землякі». У Старых Васілішках ў 2011 годзе створаны клуб-музей Чэслава Не­ма­на ў сценах до­ма, у якім ён нарадзіўся. Тут мы вып’ем духмянай гарбаты і паслухаем неўміручую кампазіцыю пра гэты дзіўны сьвет.

Старыя Васілішкі

А Гурнофель? Праязджаючы Гурнофель па дарозе на Мінск, нам застаецца толькі ўключыць у салоне аўтобуса шэдэўральную песню, каб канчаткова «замацаваць» ўсё ўбачанае і пачутае за дзень…

За дадатковую аплату прапануем квест-экскурсію ў сакрэтны бункер.